Хопкінсу падаравалі ровар
Джон Хопкінс з Kawasaki Racing у апошнім этапе MotoGP не ўдзельнічаў, гоячы раны пасьля падзеньня ў Асэне. Тым не менш, пілот не выпусьціў магчымасьці паглядзець хатнюю гонку з трыбун, дзе і быў ашчасліўлены нечаканым падарункам.
Прадстаўнікі амерыканскага атэлье Specialized bicycles, які займаецца вырабам прафэсійных спартовых ровараў для гоначных каманд, прыпаднесьлі яму ў падарунак дакладны аналяг тых машын, на якіх выступаюць спартоўцы на Тур дэ Франс.
Джон Хопкінс: «Гэта вялікі гонар – атрымаць ровар ад такога вядомага атэлье, зроблены адмыслова для мяне. Я сам вельмі люблю езьдзіць на ровары, у вольны ад трэніровак час. Мая хата знаходзіцца на ўзвышшы і вакол досыць месцаў, дзе можна выдатна пракаціцца. Дзесьці праз тыдзень я ўжо досыць акрыяю ад траўмаў калена і лодыжкі, каб сесьці ў сядло. Вядома, я не прэтэндую на выбітныя вынікі, якія паказваюць на гэтых машынах прафесійныя гоншчыкі. Але веласіпедныя трэніроўкі будуць вельмі карысныя для майго акрыяньня».