Honda запусьціць трэці завадскі байк
Пілот San Carlo Honda Gresini Шынья Накано на гонцы ў Чэхіі атрымае ў сваё распараджэньне завадскую Honda, такую ж, як у пілотаў Repsol Honda. Гэта стане часткай праграмы па распрацоўцы новага байка-сатэліта на сезон 2009, у якім прыме ўдзел японскі гоншчык.
Фаўста Грэзіні: «Шынья сапраўды атрымае новы матацыкл да Брно. Ён прымае ўдзел у распрацоўцы новага байка-сатэліта Хонды і ў Чэхіі паедзе на сапраўды такой жа машыне, як у Дані Пэдросы і Нікі Хэйдэна. Для нас гэта, вядома ж, вялікі гонар і мы шмат працавалі ў цесным супрацоўніцтве з Honda для таго, каб заслужыць яе».
Як водзіцца ў такіх выпадках, адразу ж знайшліся і незадаволеныя раскладам спраў – і ў першых шэрагах, не цяжка здагадацца, Андрэа Довізіосо, пілот іншага сатэліта Honda, каманды JiR Team Scot. Італьянец узначальвае цяпер сьпіс незавадскіх пілотаў чэмпіянату,ідзе пятым у заліку гоншчыкаў (тады як Шынья толькі на дзясятай пазыцыі) і натуральна мог разьлічваць на тое, што менавіта ён будзе абраны для гэтай праграмы. Да таго ж, кіраўніцтва стайні JiR ужо вяло перамовы аб тым, каб перасадзіць свайго пілота на завадскую машыну, а самога Дові прадказваюць на замену Нікі Хэйдэну ў сезоне 2009.
Андрэа Довізіосо: «Не буду нічога каментаваць - вы і самі можаце здагадацца, што я думаю на гэты конт».