Прэс-канфэрэнцыя пасьля Гран Пры Малайзіі

Што думаюць аб гонцы прызёры Гран Пры Малайзіі? Вашай увазе прэс-канфэрэнцыя трох лепшых гоншчыкаў па выніках гонкі.
Валянціна Росі: “Гонка праходзіла ў неверагодных умовах - стаяла жудасная сьпякота! Мне дапамагло тое, што ўзімку мы шчыльна папрацавалі з нашым Yamaha M1 на гэтым трэку і добра вывучылі яго павароты і асаблівасьці. Таксама пры падрыхтоўцы да гонкі камандзе ў гэты раз атрымалася падабраць выдатныя налады.
У пачатку заезду ў нас была яркая дуэль з Дані: я дагнаў яго, абагнаў і потым пачаў набіраць добры тэмп і перавагу. Хоць самымі цяжкімі апынуліся апошнія 5 колаў гонкі, калі я ўжо быў адзін наперадзе і проста павінен быў штампаваць хуткія колы. Мне таксама дапамагло і тое, што Дані зусім нядаўна перайшоў на Bridgestone і ў мяне цяпер больш досьведу з гэтымі покрыўкамі - таму я і йшоў крыху хутчэй. Гэта мая дзявятая перамога ў сезоне - наогул ён склаўся для мяне вельмі ўдала. Я шмат працаваў сёлета і цяпер у выдатнай форме.
Што да гонкі ў Валенсіі - гэтая траса не заўсёды была да мяне добразычлівай. Летась, калі вы помніце, я зламаў руку і страціў другое месца ў чэмпіянаце. Я таксама ведаю, што Дані тамака будзе вельмі моцны, як гэта было летась, але ў любым выпадку буду імкнуцца. У выніку, іншым пілотам яна таксама перыядычна прыносіць сурпрызы!”
Дані Пэдроса: “Гэты ўік-энд пачаўся для мяне не лепшым чынам: на першай практыцы я быў толькі адзінаццатым. Але ўсе тры дні мы ўпарта працавалі і ў выніку, як бачыце, я другі. Другое месца ў такой гонцы - гэта вельмі нядрэнна, так што можна сказаць, што я задаволены.
У гэты раз Валянціна апынуўся мацней, прэсаваў. А калі абагнаў, то было складана за ім утрымацца. Хоць я і ведаў, што варта яму выйсьці наперад і ён пачне адрывацца. Трэба ўжо звыкнуцца да таго, што ў гонцы Валянціна едзе значна хутчэй, чым на практыцы, і рыхтавацца яшчэ больш дбайна. Тым не менш, у гэты раз мы фінішавалі побач, таму я рады такому прагрэсу на новым байку. Вядома, застаюцца яшчэ праблемы з наладкамі - але кожную гонку я еду ўсё хутчэй, і гэта важна. Калі ў наступнай гонцы мне атрымаецца праехаць яшчэ лепш, значыць мы рухаемся ў правільным накірунку.
Валенсія - для мяне асаблівае месца: тамака шмат маіх заўзятараў, шмат знаёмых прыходзяць падтрымаць мяне. Ды і проста ўсе гішпанцы, што прыйдуць на аўтадром у гэты дзень, вядома жадаюць бачыць поспехі гішпанскіх пілотаў. Таму спадзяюся, што мне атрымаецца праехаць годна і не расчараваць іх”.
Андрэа Довізіосо: “Я вельмі рады свайму першаму подыўму. Сёлета я сутыкнуўся з шэрагам праблем і цяжкасьцяў. Шмат разоў я ўшчыльную набліжаўся да тройкі, але ніяк не атрымоўвалася ў яе патрапіць. Але мы шмат працавалі і вынік, як бачыце, у наяўнасці. Гэты посьпех вельмі важны для маёй цяперашняй каманды JiR, бо ў будучым годзе я сыходжу ў HRC, і я рады прынесьці ім поспех у гэтым сезоне. З-за сьпякоты гонка была вельмі нялёгкай, але я імкнуўся на ўсё 100%. З майго пункта гледжаньня, такая жарышча - гэта наогул горшае надвор’е для пілота. Што да нашага двубоя з Нікі, то абагнаўшы яго, я наогул не аглядаўся, так што ўсю дарогу не ведаў, калі і дзе ён плануе распачаць контратаку, і чакаў у любы момант апошнія 4 колы”.