02.09.2008

Кэйсі Стоўнэр разьвітваецца з надзеяй на тытул


Падзеньне Стоўнэра на Гран Пры Чэхіі

Тры падзеньні у апошніх трох гонках амаль канчаткова перакрэсьлілі шанцы Стоўнэра  на захаваньне тытула: зараз каб дагнаць Доктара да канца сезону сапраўды прыйдзецца яго застрэліць, прычым у прамым сэнсе слова. Адрыў у 75 пойнтаў за пяць этапаў да фінішу чыста матэматычна яшчэ можна нагнаць, але практычна — нерэальна.

Кэйсі Стоўнэр: “Ужо на warm-up я адзначыў даволі слабае счапленьне маіх шын з трасай. Пасьля некалькіх колаў гонкі здавалася покрыўкі прыцерліся і ўсё йшло добра – ды мабыць не да канца. Вельмі маркотна, што так атрымалася: я выдатна пачаў гэты ўік-энд і йшоў вельмі хутка. Але, у любым выпадку, мае вынікі на трэніроўцы і кваліфікацыі, а таксама выдатны стан байка і гумы, усяляюць упэўненасьць, і я ўжо пачынаю наладжвацца на наступны сезон.

Што датычыцца маёй траўмы, то я быў вельмі зьдзіўлены і засмучаны, што гэтая праблема раптам нагадала аб сабе. Зараз прыйдзецца чакаць канца сезону і класьціся на аперацыю – цяпер гэтага зрабіць немагчыма з-за наступных гонак”.