19.07.2008

Валянціна Росі застаецца з Yamaha!


Фота: MotoGP.com

Пяціразовы чэмпіён MotoGP, 29-гадовы італьянец Валянціна Росі застаецца з камандай Fiat Yamaha яшчэ на два гады. Такую заяву зрабілі афіцыйныя прадстаўнікі каманды.

Росі далучыўся да Yamaha у 2004 годзе, і з тых часоў зарабіў два тытулы чэмпіёна сьвету, выйграў 32 гонкі і заваяваў 20 поўлаў. І мае неблагія шанцы на тытул у гэтым сезоне.

Кантракт быў падпісаны ў Лагуна Сека ў ноч з пятніцы на суботу, свае подпісы пад дакументам паставілі Валянціна Росі і выканаўчы дырэктар Yamaha па інжынерных рашэньнях Масао Фурусава. Аб факце падпісаньня было афіцыйна абвешчана на традыцыйнай вечарынцы, якую ўладжвала Yamaha у Монтэры (Каліфорнія) па выпадку першага амерыканскага ўік-энду MotoGP.

«Мы вельмі задаволеныя тым, што забяспечылі сабе Валі яшчэ на два года. Я думаю, будуць задаволеныя і фанаты MotoGP, і фанаты Yamaha па ўсім сьвеце. Валянціна – гэта абраз мотаспорту, і зараз ён у выдатнай форме. Такім чынам, пытаньне з пілотамі мы рашылі і зараз сканцэнтруемся на працы над арганізацыяй працы каманды, і над удасканаленьнем нашага матацыкла», - заявіў кіруючы дырэктар Yamaha Motor Racing Лін Джарвіс.

Валянціна Росі: «Я ужо шмат гадоў у гонках, і атрымаў так шмат перамог, што патрэбна была адмысловая матывацыя, каб я падпісаў яшчэ адзін двухгадовы кантракт. І такая матывацыя была арганізаваная ў Yamaha. У нас выдатныя, вельмі цёплыя адносіны ў камандзе, заснаваныя на ўзаемным даверы і лаяльнасьці, і вельмі спецыфічная атмасфера. У мяне былі і іншыя магчымасьці, але дзякуючы высілкам Yamaha, накіраваным на тое, каб даць мне лепшы байк і лепшае асяроддзе, я прыняў рашэньне застацца з гэтай камандай яшчэ на два гады. Гэты кантракт азначае, што Yamaha стане тым вытворцам, з якім я правяду больш за ўсё гадоў у маёй кар’еры. І гэта значыць больш, чым тысяча слоў».