Прэс-канферэнцыя пасьля гонкі ў Брно

Фота: motogp.com
Валянціна Росі: “З раніцы я рыхтаваўся да складанага этапу. Кэйсі па-ранейшаму вельмі хуткі і на першым коле далёка ад’ехаў наперад. Я страціў час у дужаньні з Хопкінсам. Потым паступова наганяў, бо наладкі майго байка дазвалялі мне набіраць тэмп. Мне шкада, што Стоўнэр зваліўся і не атрымалася падужацца зь ім: я думаю, мне па сілах было перамагчы яго ў любым выпадку - хаця вядома такой лёгкай гонка ўжо не была б”.
Тоні Эліас: “Сезон гэты для мяне пачынаўся няпроста. Да Заксэнрынзе мы атрымалі новыя запчасткі і здавалася, справа пайшла ў гару. У Лагуне я дапусціў памылку, з-за якой страціў шанцы на барацьбу за подыўм. І вось сёньня нарэшце мне пашанцавала! Хоць становішча маё на старце было незайздросным і прыйшлося шмат каго абагнаць, пакуль я нарэшце не замацаваўся на другой пазыцыі. Апошнія сем колаў я ехаў у больш спакойным рытме, бо бачыў, што ніякай пагрозы няма”.
Лорыс Капіросі: “Я вельмі шчасьлівы! Пасьля Барсэлоны мне ўсё ніяк не атрымоўвалася вярнуцца ў форму для добрага выступу. Таму тры тыдні перапынку прыйшліся вельмі дарэчы. Сёньняшні подыўм – вялікі падарунак для мяне і для каманды ў цэлым. Заўтра я застаюся тут на тэсты для выпрабавання новага матацыкла, так што для мяне ўсё толькі пачынаецца!”
